Этнограф Ларыса Мятлеўская працягвае раскрываць сакрэты прыгатавання неверагодна смачных посных страў.
Мужчыны заўсёды цяжэй перажывалі пост, бо ім даводзілася фізічна цяжка працаваць і з гэтага асабліва гарачым было жаданне сярод посту з'есці кавалак сала з хлебам і цыбуляй. Жанчыны пасціліся больш шчыра, стараліся захаваць да лета мясныя прыпасы і таму ад іх часта можна было пачуць сярдзітае: "Бог знае, што робіць: кеб не даў мужыку посту, то б досі не было на ўсём свеці ні адой свінкі, бо ўсё згомтаў у свой воўчы кіндзюк, а пры цяжкай рабоце хоць трасцу еш!" (Ч. Пяткевіч, "Грамадская культура Рэчыцкага Палесся", — Sputnik.by).
Вялікі пост усё яшчэ працягваецца, але яго трыманне ўжо больш лагоднае. Цяпер ажно да Велікоднай нядзелі можна ўжываць у стравы больш алею і есці рыбу. На Беларусі асноўнай прыправаю быў ільняны алей, ужывалі мак у выглядзе макавага малачка, грыбы, свежую і сушаную рыбу, якой у вялікай колькасці гандлявалі на кірмашах. Асабліва цанілася рыба, сушаная на саломе.
І ўсё ж па серадах і пятніцах шмат хто, і асабліва старыя людзі, працягвалі трымаць шчыры пост, як і ў першы тыдзень.